Беларуская Служба

Ціханоўская пракаментавала рашэнне аб забароне ўезду ў ЕС аўтамабіляў з беларускімі нумарамі

16.07.2024 14:01
Улады Латвіі з забаранілі ўезд у краіну зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў.
Святлана ЦіханоўскаяЗдымак: Офіс Святланы Ціханоўскай

Улады Латвіі з сённяшняга дня забаранілі ўезд у краіну зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў. Такія меры ўводзяцца ў адпаведнасці з санкцыямі Еўрасаюза. Падобныя рашэнні былі ўведзеныя таксама іншымі членскімі дзяржавамі ЕС.

Святлана Ціханоўская звярнула ўвагу на тое, што абмежаванні не закрануць пасажырскага транспартнага руху – аўтобусаў, маршрутных таксі і г.д. Акрамя таго, беларусы, якія жывуць у краінах Еўрасаюзу, атрымаюць магчымасць перарэгістраваць свае аўтамабілі на еўрапейскія нумары.

«Абмежаванні на ўезд беларускіх аўтамабіляў – паспешлівае і шкоднае рашэнне. У першую чаргу яно б’е па людзях, а не па рэжыме Лукашэнкі. Таму ідзе актыўная праца над тым, каб дамагчыся змены гэтага рашэння. Мы на сувязі з Польшчай, Літвой і Латвіяй – і даводзім неабходнасць зрабіць выключэнні для беларусаў, якія заязджаюць у ЕС на сваіх аўтамабілях», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Таксама яна падкрэсліла, што мяжа з Еўрапейскім Саюзам павінна быць адкрытай для беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым і бачаць будучыню сваёй краіны ў Еўропе.

Раней Польшча абмежавала ўезд аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй. Яны змогуць перасякаць мяжу толькі ў прысутнасці іх уладальніка. Абмежаванне ўведзенае ў сувязі з рэалізацыяй санкцый ЕС.

вс